Buch lesen: «Зграя», Seite 5

Schriftart:

Гісторыя Лены пра ваўкоў

“Зграя Агыр-Санан жыла ў камунізме. Не, не смейся. Памятаеш, як яго ўяўлялі нашы бабулі і дзядулі? Я як цяпер памятаю, прадзед расказваў, што ўсе марылі як у будучыні ты прыходзіш у краму, бярэш усё, што табе патрэбна і ідзеш дадому. Ні грошай, ні талонаў будзе непатрэбна. А раніцай ідзеш на завод і працуеш – не за зарплату, а за ўсеагульнае шчасце. Каб ежа ў крамах не заканчвалася.

Агыр-Санан так і жылі. Яны навучыліся здабываць соль і такім чынам надоўга захоўваць мяса ды іншую ежу. Калі праз іх ішла міграцыя зуброў ці нераст нейкай рыбы, яны надоўга запасаліся ежай. І да наступнага сезона не ведалі голада. Дакладна не ведаю, толькі па размовам, у іх саляных шахтах захоўвалася столькі ежы, што хапіла б на некалькі год, нават калі б яны зусім перасталі паляваць.

Праблем аз ежай была вырашаная. Усе свае сілы яны накіравалі на стварэнне ідэальная зграі. Збудавалі вялікі прыгожы горад, пачалі займацца навукай і пісаць кнігі. І, уяўляеш, у іх нават школа была. Усе малыя ваўкі тры гады павінны былі вучыцца – не толькі паляваць, але таксама пісаць, чытаць, сачыць за зоркамі, вывучаць жывёл.

Самае галоўнае ж – яны ўсе працавалі. Ніхто нікога не прымушаў. Раніцай усе дзяліліся на… брыгады і ішлі займацца сваімі справамі. Нехта вучыў шчанюкоў, нехта – будаваў, нехта – паляваў. Усім знаходзілася справа. Не працавалі толькі старыя, малыя і хворыя.

Кіраваў зграяй савет, у які ўваходзілі самыя паважаныя ваўкі: вучоныя, паляўнічыя, будаўнікі. Галоўнага сярод іх не было. Усе рашэнні прымаліся сумесна.

Агыр-Санан добра разумелі, што жывуць нашмат лепш за іншыя зграі. І хваляваліся за сваю бяспеку, бо за шмат гадоў залатога веку развучыліся біцца і ваяваць. Каб ніхто не даведаўся пра іх саляныя шахты яны спынілі ўсе кантакты з ваўкамі іншых зграй.

Усе мае сны пра ваўкоў паходзілі на чароўную казку. У іх усё было добра. Засынаючы кожную ноч я рыхтавалася да сустрэчы з героямі свайго ўлюблёнага серыяла. Сачыла, як нараджаюцца ваўчаняты, як спрачаюцца каханкі, як настаўнікі расказваюць вучням, быццам на месяцы таксама жывуць ваўкі. Гэтыя сны былі шчасцем у адрозненне ад тваіх, дзе ідзе падрыхтоўка да вайны.

Троіца да мяне таксама прыходзіла, сказалі што выканаюць усе мае жаданні, калі скончу гісторыю так, як ім патрэбна. Я ж адразу пагадзілася. Адносілася да гэтага як да вясёлай прыгоды. Сны мае яны таксама правяралі, як і твае. Не так часта, праўда – раз на тры-чатыры дні. Відаць, іх усё задавольвала.

Пра белых я нічога не ведала. Так, здараліся часам нейкія трывожныя ўрыўкі, дзе я бачыла кроў і адчувала страх. Лічыла, гэта урыўкі з палявання ці харчавання.

Шчасце доўылася нядоўга. Яны прыйшлі з поўначы і не сустракаючы супраціву падышлі да сцен горада. Я ж гаварыла, што гэта быў цудоўны і вялікі горад? Яго сцены ўзвышаліся вышэй за дрэвы. Таму белыя не змаглі ўзяць іх наскокам. Пачалася аблога.

Савет зграі хутка зразумеў, што ваююць яны не са звычайнымі ваўкамі і перамагчы немагчыма. Але вырашылі змагацца да апошняга.

Белыя сотні разоў спрабавалі ўскараскацца па драўляных сценах, ды не змаглі. Таму зрабілі падкоп пад іх…”

Лена замаўчала. Максім пачуў яе хуткае дыханне і здагадаўся, што яна плача. Гімн па радыё на кухні абвясціў пачатак новага дня.

“Астатняе ты ведаеш. Цяпер давай адпачываць”.

Воўчы сон

Яшчэ напачатку сваёй місіі Гаўл вырашыў ісці да зграі Стыр-Калі ў апошнюю чаргу. Гэтыя перамовы былі самымі небяспечнымі з-за шматгадовых спрэчак. Мяжа тэрыторый двух зграй праходзіць па рацэ і доўжылася дзве тысячы хвастоў. Плынь ракі хуткая, а шырыня дасягае соцен хвастоў. У самым шырокім яе месцы знаходзіцца востраў. Ён густа парос лесам і, нягледзячы на невялікія памеры, там жыве шмат жывёл – трусы, птушкі, і нават дзікі. З-за гэтага вострава і былі спрэчкі. Пачалося з таго, што Стыр-Калі збудавалі да яго драўляны мост. І калі Суу-Ардун пабачыла на востраве чужых ваўкоў, пачала будаваць пераправу са свайго берага. Сустрэча на востраве двух зграй стала нагодай для вайны, якая цягнулася два гады. З абодвух бакоў загінулі сотні ваўкоў. Пасля было заключана пераамір’е. Востраў прызнаваўся нічыім і ніхто не мог будаваць да яго мост.

Здавалася б – сварцы канец. Але ў сезон засухі рака робіцца настолькі мелкай, што ваўкі час ад часу плаваюць на востраў і палююць. І калі раптам там сустракаюцца шэрыя розных зграй, пачынаецца бойка.

Сварка доўжылася больш за стагоддзе. Дзесяць пакаленняў ваўкоў паспела нарадзіцца і памерці з таго часу, як будаваўся мост. Таму перамовы са Стыр-Калі ускладняліся векавой нянавісцю. Гаўл вырашыў перадаць усе правы на востраў Стыр-Калі. І дазволіць ім збудаваць да яго мост. Гэта саступка выкліча шмат незадаволенасці сярод ваўкоў Суу-Ардун і можа каштаваць Грыку тытула важака.

“А мне – жыцця”, – падумаў Гаўл. Аднак выйсця не было. Чым больш у іх будзе ваўкоў, тым больш шанцаў на перамогу. Ваўкі Ачын ужо ўдзельнічалі ў будоўле сцяны, а іх выведнікі распавядалі, што белыя збіраюцца купкамі па дзесяць-дваццаць ваўкоў. Значыцца, часу заставалася мала.

Па дарозе да ракі Гаўл сустрэў дэлегацыю ад Вый-Кло, якія неслі з сабой некалькі лукаў і адну катапульту. Дэманстрацыя іх магчымасцяў дапаможа Грыку падчас сходу.

***

Гаўл у нерашучасці сядзеў на беразе ракі. На яго выклік ніхто не адказваў. Ды й наўрад ці яго пачулі – шум вады заглушаў гукі. А калі б і пачулі, выйшлі на бераг, як бы яны размаўлялі? Вяртацца назад таксама не хацелася – ён жа абяцаў Грыку, што перагаворыць з трыма зграямі.

– Так і будзеш на хвасце сядзець? – Гаўл азірнуўся і ўбачыў Акіру. Яна стаяла за яго спіной і сачыла за іншым берагам. – Наўрад ці цябе пачуюць. А калі пяройдзеш мяжу, то і слухаць не стануць – адразу заб’юць.

– А што ты тут робіш?

– Я апошнія дні толькі тым і займаюся, што за табой сачу. Ты мне спадабаўся. Цікавы экзэмпляр.

Гаўл фыркнуў.

– Ты аб усіх ваўках гаворыш так, быццам яны нейкая прылада?

– Я і пра сябе так гавару. Мы жывем дзеля зграі. Нават такія адзінцы, як ты. Што будзеш рабіць?

– А ў цябе якія прапановы?

– Вяртайся назад. Ты патрэбен Грыку. Абыйдземся і без гэтай зграі. З нашым войскам ды тэхналогіямі Вый-Кло…

Замест адказу Гаўл пабег уверх па плыні ракі. Акіра кінулася за ім. Ён спыніўся на беразе, калі апынуўся насупраць аднаго з канцоў вострава.

– Твая праўда, я не магу заходзіць на іх тэрыторыю. Аднак калі даплыву да вострава і паклічу адтуль, то мяне пачуюць. А на востраў яны прыйдуць, павер.

– Не даплывеш. Плынь панясе цябе да самага мора, у салёную ваду і ты загінеш. Не рабі глупстваў…

– Маё жыццё, ад самага нараджэння, і ёсць глупства. Можа Месяц, у якога вераць Вый-Кло, сапраўды існуе, і ён стварыў мяне менавіта дзеля гэтай бойкі з белымі ваўкамі?

Сказаў і скокнуў у ваду. Усімі лапамі ён гроб у кірунку вострава, а плынь зносіла яго далей. Акіра, не раздумваючы, кінулася за ім. Яна хутка нагнала Гаўла, зубамі схапіла за шыю і разам з ім паплыла да вострава. Іх адносіла далей і шанцаў на выратаванне рабілася менш.

“Дурны, дурны воўк! І я таксама дурная, навошта кінулася за ім? Хай бы гінуў. Такіх, як ён, забіваюць пры нараджэнні. Яны не патрэбны зграі”, – Акіра лаяла сябе, але не адпускала Гаўла. Хаця без яго лёгка б выратавалася.

“Яшчэ крыху і мы выратаваныя. Яшчэ крыху…”, – яны праплылі міма вострава. Далей яны альбо разаб’юцца аб камяні, альбо нап’юцца салёнай вады і памруць.

І раптам нешта спыніла іх. Плынь неслася праз іх, а Акіра з Гаўлам заставаліся на месцы.

– Чаму мы спыніліся?

– Рыбалоўная сетка. Відаць, Стыр-Калі пакінулі яе на рацэ пасля мінулага сезона засухі.

– І што далей? Яна не прызначана, каб трымаць ваўкоў.

– Глядзі на раку. Бачыш драўляныя калкі, на якіх нацягнута сетка? Яны ідуць да самага берага. А значыцца…

– Сетка таксама нацягнута да самага берага.

– Так. Нам застаецца даплыць да яго.

***

На беразе змораны Гаўл упаў на зямлю. Лапы былі ў крыві, на шыі засталася рана ад зубоў Акіры.

– Ты дурань. Мог загубіць нас…

– А навошта ты скокнула за мной? Загінуць павінен быў я…

Акіра не ведала што адказаць. Яна і сама не ведала навошта зрабіла гэта.

– Адпачні крыху і выклікай Стыр-Калі. Толькі не кажы пра мяне. Буду з боку сачыць за тваімі перамовамі.

– Добра, Акіра. І… дзякуй табе.

– Няма за што. Адплоціш пазней.

Яна знікла ў лесе.

***

Сход шумеў. Нават дэманстрацыя зброі Вый-Кло не выратавала Грыка. Ваўчыцы і ваўкі незадаволена паказвалі зубы. Ніхто не хацеў прымаць чужое вераванне, ды яшчэ і абразаць хвост.

Грык гаварыў, прыводзіў довады, але ніхто не слухаў. Нават Сутра, яго маці, злосна рыкала калі глядзела на аднаго з апосталаў Вый-Кло. Важак казаў:

– Зразумейце, або мы саступім сваім традыцыям і атрымаем дапамогу ад ваўкоў іншых зграй, або загінем. Нельга патураць старым забабонам. Мы не ведаем, як створаны свет.

Яго не чулі. Грамчэй за ўсіх была горстка старых ваўкоў разам з Аўкам. Яны стаялі ўсярэдзіне сходу і громка завывалі: “Далоў важака”. І іншыя ваўкі, якія стаялі побач, далучаліся да іх. Калі гэтыя словы перакрылі астатнія, уперад выйшаў Аўк. Усе сцішылася, бо ведалі – ён збіраецца кінуць выклік Грыку.

– Важак, ты страціў наш давер. Паслухаў адзінца Гаўла, замест таго, каб слухаць мяне. І мы лічым, што ты павінен саступіць свой тытул.

– І што будзе з дамовамі?

– Твае дамовы непрымальныя. Алык-Ачын не атрымае тэрыторый, і мы не аддамо свае хвасты Вый-Кло. І што б не паабяцаў Гаўл Стыр-Калі – гэтага не будзе. Саступі месца, стань адным з ваўкоў зграі.

“Можа, загінуць у зубах белых – наш лёс? – думаў Грык. – Я саступлю Аўку і ўсе шанцы на перамогу знікнуць. Але ж я абяцаў Гаўлу, што наступным важаком стане ён. Дык што б гэты самотнік зрабіў на маім месцы?”.

– Не, Аўк. Я застаюся важаком. Калі хочаш атрымаць мой тытул, бейся за яго.

– Гэта тваё рашэнне.

Грык чакаў выкліка на бойку, але не ад Аўка… Былы сябар і саветнік шэсць гадоў таму быў самым моцным ваўком зграі. Але яго час прайшоў і ён не роўня цяперашняму важаку. Гэта разумела ўся зграя.

Стары воўк кінуўся на маладога. Грык лёгка адскочыў у бок. Потым яшчэ два разы пазбег зубоў Аўка. “Пачакаю, пакуль ён стоміцца, а потым без бойкі праганю”, – вырашыў важак. Аднак яго супернік меў другое рашэнне.

– Трымайце!

Ззаду Грыка за скуру схапілі два ваўкі. Аўк кінуўся ўперад і учапіўся зубамі ў пярэднюю лапу былога сябра. Яго пашча да хруста здавіла косткі і важак завыў ад болю, а калі яго адпусцілі – паваліўся на зямлю.

– Выкіньце яго з горада. А разам з ім праганіце вернікаў Вый-Кло. – Загадаў Аўк сумоўцам і павярнуўся да сходу. – Сапраўдны важак зграі Суу-Ардун вярнуўся.

***

З часоў, калі зграі сталі жыць асобна на сваіх тэрыторыях, яны моцна змяніліся. Гаўл упэўніўся ў гэтым, калі наглядаў жахлівыя традыцыі Ачын, ці пазнаваў дзіўныя вераванні Вый-Кло. Але Стыр-Калі стаялі асобна. Іх традыцыі ва ўсім паходзілі на Суу-Ардун. У зграі быў важак, у важака быў саветнік, яны ні ў што не верылі, а іх ваўкі не насілі брані. Ён расказаў пра мэту свайго візіту саветніку, той пераказаў важаку і яны выклікалі сход. Ваўкі патроху збіраліся на паляне горада.

З Гаўлам ніхто не размаўляў, таму ён лёг на зямлю і адпачываў. Ногі невыносна балелі, а шыя самлела так, што галава апускалася да самай зямлі. Нылі і пракусы на скуры ад зубоў Акіры.

“Усе гэтыя зграі… Мы ратуем іх ад смерці, а яны яшчэ нешта патрабуюць ад нас – тэрыторыю, ежу, наш розум і традыцыі. А я пагаджаюся. І з чым жа застанецца Суу-Ардун пасля перамогі? Станем самай слабой зграяй”. Невясёлыя думкі дапякалі Гаўла. Да таго ж ён хваляваўся за Грыка. “Акіра праўду казала, трэба было вяртацца і падтрымаць яго. Гэта ж маё рашэнне прасіць дапамогу ў іншых зграй”.

– Воўк Суу-Ардун, падыдзі бліжэй і скажы зграі тое, што павінен сказаць.

Гаўл здзівіўся, бо на сход прыйшло вельмі мала ваўкоў – не больш за сотню.

– Я – Гаўл, саветнік важака зграі Суу-Ардун. Шмат гадоў мы з вамі спрачаемся з-за вострава на рацэ, аднак сёння я прыйшоў не за гэтым.

Ён расказаў усё, што ведаў пра белых ваўкоў, пра саюз з Ачын і Вый-Кло. Расповед атрымаўся доўгі. Пасля яго заканчэння ваўкі Стыр-Калі працягвалі сядзець моўчкі, быццам ім ўсё роўна. Да Гаўла падыйшоў важак зграі.

– Гаўл, я правільна цябе зразумеў – калі мы дапаможам вам у бойцы з белымі, то вы пагодзіцеся перадаць нам востраў?

– Усё так, уладар.

– А што ты скажаш на іншую прапанову – мы дачакаемся, пакуль белыя заб’юць вас і востраў усё роўна стане нашым.

– Але ж белыя прыйдуць і за вамі.

– Ты сапраўды лічыш, што яны могуць гэта зрабіць? З поўначы і захаду наша тэрыторыя ахоўваецца ракой, з усходу нас аберагае мора, а на поўдні балоты, праз якія ніводны воўк не здолее прайсці. А белыя… Хай плывуць па рацэ. Мы іх сустрэнем і заб’ем.

– Важак, вы не разумееце…

– Я ўсё разумею. Як ты думаеш, чаму тут мала ваўкоў? Мы навучыліся плаваць па моры. Два тыдні таму даплылі да зямель, якія займаюць белыя, і дамовіліся з імі. Мы не дапамагаем вам, а яны не чапаюць нас.

– Яны падманваюць. Усіх ваўкоў на поўначы яны не проста заваявалі. Белыя ядуць наша мяса.

– Гэта казкі, каб пужаць шчанюкоў. Раскажу табе яшчэ адзін сакрэт. Далёка на ўсходзе, у дзясятках тысячах хвастоў адсюль праз мора мы знайшлі іншую зямлю. Там шмат жывёл і вады, шмат дрэў і раслін і, самае галоўнае, няма іншых ваўкоў. Ні шэрых, ні белых. І калі ўсё будзе дрэнна тут, мы накіруемся да сваіх братоў, якія будуюць там горад.

– Значыцца, вы не дапаможаце. Шкада. Мы ўсё роўна пераможам, нават без вас. Дазволь ісці.

– Не, не дазваляю. Прабач, але тое, што я табе расказаў, не павінны ведаць іншыя. Таму ты памрэш. Схапіць яго!

Трое ваўкоў падхапілі Гаўла зубамі і павалаклі за горад. Воўк не мог супраціўляцца – з-за хворай шыі зубы не дацягваліся да чужых шый. Яго цягнулі не па дарозе, а ў глыб леса, дзе за сто крокаў ад горада расцягнулася доўгая яма, заваленая целамі з шэрай скурай.

Адзін з ваўкоў адпусціў Гаўла і кінуўся на другога. Схапіў яго и пракусіў шыю, палілася кроў. Трэці воўк кінуўся на выратаванне, ды не паспеў – ззаду яго атакавала Акіра. Яна скокнула на спіну ворага лапамі, на якія былі прывязаны вострыя камяні – адно з вынаходніцтваў зграі Вый-Кло. Воўк узвыў і Гаўлу прыйшлося перагрызць яму шыю, каб сюды не збегліся іншыя са зграі Стыр-Калі.

Акіра з Гаўлам сталі насупраць ваўка, які забіў аднаго са сваёй зграі.

– Не чапайце мяне. Я на вашым баку.

– Што ў вас адбываецца? Што гэта за яма? Як вы дамовіліся з белымі, калі яны не размаўляюць?

– Не ведаю. Я быў сярод тых, хто наведваў іх. Наш важак хацеў зразумець, што ім патрэбна, а мы чакалі яго на караблі. Ён вярнуўся іншым… Сказаў, што паразумеўся з белымі – яны добрыя і перададуцць нам тэрыторыі суседніх зграй. Мы не пагаджаліся, бо на свае вочы бачылі скуры і косткі шэрых, якія былі раскіданы на зямлі. Ён упрошваў нас не расказваць пра гэта. Мы не пагадзіліся. І па вяртанні ён загадаў забіць палову з нас за здраду. А астатнім сказаў маўчаць.

– А пра зямлю на ўсходзе – праўда?

– Праўда. Дзвесце ваўкоў вяртаюцца сюды праз тыдзень. Сярод іх саветнік важака, якога ён вельмі баіцца. Гэта малады і моцны воўк, які заўсёды з ім супернічаў. І калі яны вернуцца, мы скінем важака і дапаможам вам у бойцы з белымі.

– Галоўнае, каб не было позна.

– Гэта не ад мяне залежыць. А зараз вам трэба сыходзіць. Ідзіце да берага, а потым па рацэ на захад. Там заўважыце караблі. Іх не ахоўваюць, таму бярыце любы і плывіце на свой бераг.

***

Караблі Стыр-Калі былі сапраўднай рэвалюцыяй на планеце ваўкоў. З іх дапамогай можна было плаваць па самых вялікіх рэках, перасякаць акіян, гандляваць з іншымі зграямі, не парушаючы межаў. Гаўл бачыў гэтыя магчымасці, але не ўяўляў, што кіраваць караблём настолькі складана. Яны з Акірай узялі самы маленькі па памерах і вырашылі абагнуць востраў, каб не трапіць у агароджу з сеткі. Аднак плыць супраць плыні было немагчыма. Колькі ні налягалі на вёслы, хіба крыху марудней ішоў карабель уперад. Яны ўпёрліся ў рыбалоўныя сеткі і тыя прарваліся.

Карабель нёсся ўперад, да мора, а адзінае, што маглі зрабіць Гаўл з Акірай – змяняць яго кірунак у бок берага Суу-Ардун. Яны наляцелі на подводныя камяні і ад сутыкнення ваўкоў кінула аб драўляную сценку, а з днішча карабля палілася вада.

Гаўл ад моцнага ўдару страціў прытомнасць. Акіра за шкірку выкінула яго ў ваду і скокнула следам. Схапіла ваўка за скуру і паплыла да берага.

10.

Гэтым разам троіца прыйшла раніцай. Максім адкрыў вочы і адразу пабачыў іх. Лысы сядзеў на канапе, а чарнявы і бялявы стаялі каля дзвярэй.

– Добрай раніцы, Максім. Як там ваўкі? Яшчэ сняцца табе?

– Сняцца. А вы чаму так рана?

Вачамі хлопец шукаў Лену. Але ні дзяўчыны, ні яе рэчаў нідзе не было.

– Мы табе не давяраем, таму прыйшлі нечакана. Учора нешта было не так. Нешта змянілася ў тым, як мы цябе адчуваем.

– І як жа вы мяне адчуваеце?

– Мы падумалі, гэта сігнал аб тым, што твае сны скончыліся. Алк цяпер адчуваем цябе як раней.

– Можа яны і скончыліся.

– Дазволь мне паглядзець.

Учорашні сон яшчэ раз прамільгнуў перад вачыма Макса. Пасля “сеансу” засталося адчуванне слабасці.

– Ты ўжо звыкся са сваёй роляй. Гэта добра. Не рабі глупстваў і хутка ўсё скончыцца.

– Чакайце. Вы абяцалі адказаць на мае пытанні.

– Мы нічога не абяцалі. І ў мінулы раз ты шмат даведаўся таго, аб чым ведаць не трэба.

Троіца знікла. Не растварылася ў паветры, як гэта адбываецца ў кнігах і фільмах, а знікла. Макс устаў з ложка і стаў апранацца на працу.

– Яны сышлі?

Хлопец падскочыў ад нечаканасці. Лена вылезла з-пад ложка.

– Сышлі… А як ты паспела схавацца? Я думаў, яны ўсіх адчуваюць.

– Пасля таго, як я расказала сваю частку гісторыі пра ваўкоў, яны мяне перасталі бачыць. Быццам я знікла. У той жа час я ведаю, калі яны набліжаюцца.

– Набліжаюцца? Яны ж імгненна знікаюць і з’яўляюцца дзе захочуць.

– Не. Чым больш адлегласць, тым і часу патрабуецца больш. Таму я паспела схавацца.

– Гэта добра. Думаю, ім бы не спадабалася, калі б пабачылі цябе ў маёй кватэры. Час збірацца на працу. Цябе праводзіць дадому?

– Максім, я не ўсё паспела расказаць. Я прыйшла не дзеля таго, каб падтрымаць цябе. Давай зробім па-свойму, пераможам іх.

– Лена, аб чым ты гаворыш? Як можна іх перамагчы?

– Шмат гадоў яны на нашай планеце. Шмат людзей расказвалі гісторыю пра ваўкоў так, як патрэбна гэтай троіцы. І я думаю, што калі б нехта адзін расказаў гісторыю па-свойму, усё змянілася б. Яны б прайгралі…

– Лена, хопіць. Што ты прапануеш? Збегчы? Гэта немагчыма. Я ведаю, што яны адшукаюць мяне нават на Марсе. А пасля ўсё роўна прыйдзецца рабіць тое, што яны скажуць. Дый мае родныя… Што з імі будзе?

– Я думаю – нічога. Заўваж, ніводнага разу гэта троіца не з’явілася, калі разам збіралася больш за двое людзей. Яны баяцца. А калі так, у іх ёсць слабасці. Можа, яны наогул не могуць паказвацца іншым людзям.

– Гэта толькі думкі. Насту забілі з-за мяне. І я не хачу, каб пацярпеў нехта яшчэ. Буду разумным. Зраблю тое, што павінен.

– Яны ж заб’юць ваўкоў…

– І хрэн з імі. Я не герой, каб сусветы выратоўваць. Сама вінавата, трэба было іншага чалавека абіраць. Ці самой усё вырашаць, калі была твая чарга.

– Я дапамагу.

– Чым? Карміць мяне будзеш, калі яны рукі і ногі адрэжуць?

– Не. Я магу схаваць цябе ад іх вачэй.

– У сэнсе?

– Яны відаць таму і прыйшлі сёння ранкам, бо ноччу я на хвіліну схавала цябе.

– Ты і так умееш?

– Я не ведала, ці магчыма гэта. Калі хаваюся сама адчуваю, быццам мяне ахутвае густы туман. Учора паспрабавала накіраваць яго на цябе і… атрымалася.

– Ты ведаеш, як гэта небяспечна і што яны могуць з табой зрабіць?

– Я не баюся, – Лена нечакана заплакала. – З таго дня, як ты стаў апавядальнікам, мне кожную ноч сняцца белыя ваўкі, як яны забіваюць шэрых, перагрызаюць ім глоткі, п’юць іх кроў і ядуць іх мяса. Кожную ноч, як закрыю вочы, бачу гэта. Адно і тое ж. Прачынаюся са слязьмі на вачах.

– Гэта не воўчыя сны. Схадзі да псіхолага і…

– Не! Не воўчыя. Гэта будучыня. Я ведаю гэта. У маіх снах белыя ваўкі ідуць на поўдзень, туды, дзе зямля пакрываецца лёдам. І забіваюць усіх шэрых.

– Лена, спыніся. Мне трэба на працу. Не плач. Я не магу дапамагчы. Калі хочаш, заставайся. Аднак і вечарам мой адказ будзе такім жа. Я не буду рызыкаваць чужымі жыццямі.

Дзяўчына змоўкла і не сказала ні слова, пакуль Максім апранаўся і збіраў рэчы.

***

“Дурненькая, верыць, што дабро заўсёды перамагае зло. У нашай гісторыі дабро ніколі не пераможа, бо смерць Насты перакрэслівае ўсё. А калі загіне яшчэ нехта, я ніколі сабе не прабачу”, – думкі пра словы Лены не адпускалі Максіма на працы. Учора ранкам ён змірыўся са сваёй роляй – апавядальнік, які без супраціўлення зробіць тое, што яму скажуць. А зараз…

“Нічога не змянілася. Лена хай сама разбіраецца са сваімі кашмарамі. Я – не герой, і ніколі ім не быў. Ні на працы, ні ў адносінах з дзяўчынамі, ні на стадыёне. Мяне з-за гэтага і ў каманду апошнім бралі – бо ў падкаты не іду і да мяча баюся падысці. Не я павінен выратоўваць сусветы”.

Аднак думкі аб іншым лёсе, аб магчымасці ўпершыню стаць героем, свідравала душу Максіма. Яны, бы драпежныя чарвякі, прагрызалі металічную няўпэўненасць хлопца.

“Зараз не зраблю нічога і ў жыцці больш нічога не здолею зрабіць. Бо калі яшчэ будзе шанец змяніць не тое што планету, а цэлы сусвет?”.

Каб збегчы ад гэтых думак Макс палез у сацыяльныя сеткі. Апошняга разу ён перапісваўся там у дзень, калі Лена расказала гісторыю пра ваўкоў. Пісаў дзяўчынам са зразумелым намерам – залезці ў ложак. Перачытваў гэтыя лісты і разумеў, што большасць субяседніц яму не падабаецца.

“Навошта я сябе так паводзіў? Быццам жывёла, а не чалавек”. Перагортваючы зверху ўніз спіс сяброў, ён успомніў Насту. За час адносін яны напісалі адно аднаму тысячы паведамленняў. Пачыналася ўсё з рамантыкі і прызнанняў, прыгожых словў і кампліментаў. Пасля, калі ружовыя акуляры зніклі, у паведамленні дадаўся эратычны, а потым і сэксуальны матыў. Наста дражніла яго, пісала паўнамёкамі, дасылала фотаздымкі “амаль ню”. А ён бегаў да яе кожную вольную хвіліну бы дурны, прыносіў кветкі, шакаладныя цукеркі, мяккія лялькі. Зараз гэта выглядае банальным, а тады падавалася мілым. І ёй падабалася, Максім не сумняваўся ў гэтым. Як жа інакш усе гэтыя паведамленні, якія з часам ператварыліся ў натуральную парнаграфію, перараслі ў сапраўдны сэкс?

Першы сэкс, няспраўны і асцярожны, калі ты больш думаеш не пра сваё асабістае задавальненне, а пра тое, каб спадабалася партнёру. Хвалюешся, баішся зрабіць нешта “не тое”. У выніку ні ты, ні яна не атрымліваеце ад працэсу чаканых пачуццяў. І ўсё роўна застаяцеся задаволенымі. Другі і асабліва трэці раз будуць куды лепш. Бо першы сэкс, як і паведамленні – гэта рамантыка. А парнаграфія пачынаецца раз на дзясяты, калі можна кіраваць партнёрам, казаць, як і што ён павінен рабіць, каб табе было прыемна.

Яны сталі жыць разам. У паведамленнях месца эротыкі ды рамантыкі заняла “бытавуха”: “Максім, купі ў краме хлеб і малако”, “Наста, я сёння з сябрамі, прыду позна, кладзіся без мяне”, “Чаму не падымаеш мабільнік?”, “Дастала ўжо кантраляваць кожны мой крок”. Так, з’явіліся і сапраўдныя сваркі. Ні рамантыка, ні сэкс не маглі выратаваць ад іх. Адзінае, што былі ў сілах зрабіць закаханыя – трымацца разам нягледзчы ні на што, прабачаць іншаму малыя правіны і вучыцца жыць разам.

І што ў канцы? У паведамленнях нават сварак не стала. Сварыліся дома, а ў сацсетках перасылалі мемы, смешныя малюнкі і гіфкі каб паказаць – я пра цябе не забыў.

Тысячы паведамленняў, з якіх можна выбудаваць гісторыю аднсоін. Ад пачатку да сумнага фіналу. Па іх можна было рамантычную драму здымаць. Але яны зніклі. Як знікла з гэтага сусвета Наста. У яе не было магілы, ці хаця б аддзялення ў сцяне для попелу. Яе не ўспомніць ніхто з жывых людзей, акрамя самога Максіма, Філіпа і Лены. А яе цела, некалі жывое, раскладаецца на састаўныя рэчывы пад чужой зоркай. Ці яго ядуць невядомыя жывёлы.

Хлопец паклаў галаву на рукі і заплакаў. Калегі моўчкі пераглянуліся. Яны ведалі яго як Максіма, які заўсёды пагодзіцца працаваць у суботу, з якім можна выпіць піва ці водкі. І ўсё. Ім пляваць, хто ён на самай справе і што адбываецца ў яго жыцці.

– Максім, усё добра? Што здарылася? – кіраўніца аддзела, Маргарыта, адзіная рызыкнулы падысці да чалавека ў слязах. І зрабіла гэта не дзеля самога чалавека, а каб зберагчы маральны настрой калектыва.

– Не, у мяне не ўсё добра. Мая дзяўчына, Наста, загінула. А я не змог перашкодзіць. Я ануча, якая нічога не можа зрабіць самастойна. Я трус.

– Максім, ідзі дадому, я цябе адпускаю. Вазьмі адпачынак на тыдзень. Перажыві сваё гора, схадзі да псіхолага. Усё будзе добра.

Яна паводзіла сябе як добрая сяброўка, а насамрэч хацела пазбавіцца ад парушальніка спакою. Хлопец ведаў, што калі выйдзе, усе пачнуць перагаворвацца – хто такая Наста, чаму яе ніколі ніхто не бачыў, ці не выдумаў ён гэту гісторыю. Ён не асуджаў іх, бо сам быў такім жа дрэнным чалавекам, жыццё якога настолькі нецікавае, што любая навіна з лёсу іншага замяняе табе асабістае.

***

Тры гадзіны Максім гуляў па Нямізе, Траецкім прадмесці, старым горадзе. Хадзіў, слухаў клёкат чаек, сачыў за качкамі, якія біліся за кавалкі хлеба, шчодра насыпаныя ў раку дзяўчынкамі-падлеткамі.

Ён хацеў зразумець Лену, хацеў змагацца і адпомсціць за Насту і не ведаў як. Калі яны зробяць, як прапануе яго новая знаёмая – збягуць ад троіцы і раскажуць гісторыю ваўкоў так, каб дабро перамагло – што з таго? Хто перашкодзіць ім шантажаваць наступнага апавядальніка? Белыя заваявалі палову планеты. І калі ён прагнецца зараз, то іх перамога стане канчатковай. А калі не, то яны перамогуць на некалькі тыдняў пазней. Любыя намаганні пойдуць прахам. Троіцу трэба перамагчы адзін раз і назаўсёды.

“Трэба перагаварыць з Ленай. Можа, у яе знойдуцца адказы і на гэтыя пытанні?”.

***

Лена не сядзела без працы – прыгатавала вячэру, заварыла травяную гарбату, прыбрала ў кватэры і пазакідвала ў пральню брудную адзежу.

– У мяне адчуванне, што ў госці мама прыехала. Цяпер можаш паругацца: “Вой-вой-вой, сыночак, як ты ў такім брудзе жывеш”.

– Ляцца не буду. Што мне да таго. Жыві, як хочаш. Але пакуль я буду жыць з табой, тут будзе парадак.

– У сэнсе, са мной?

– Максім, зразумей, я не пакіну цябе, пакуль усё не скончыцца. Мне сорамна, што ўсё так атрымалася. І я хачу быць побач, калі спатрэбіцца дапамога.

– Дзякуй, Лена! Але не трэба гэтага рабіць.

– Трэба. Гісторыя скончыцца і я сыду з твайго жыцця. А пакуль – трывай.

– Я шмат думаў аб тваіх словах… Ты права ва ўсім. Толькі я ўсё роўна баюся за сябе і родных. Таму не ведаю, што рабіць.

– Сёння нічога рабіць не будзем. Патрэбен час, каб усё прадумаць. Ды й трэба зразумець, як нам быць. Ці дастаткова будзе расказаць гісторыю так, каб шэрыя перамаглі? Я і сама мала што ведаю. Можа, Філіп змог бы дапамагчы. Але… дзе ён.

– Ён закладнік, а таму, верагодна, яго хаваюць у нашым сусвеце.

– Вось і добра. Можа, атрымаецца яго выратаваць. А зараз сядай есці.

Пасля ежы яны доўга сядзелі за сталом і размаўлялі. Не пра ваўкоў – гэта тэма надакучыла абодвум. Лена распавядала, як цяжка было адаптавацца ў беларускай школе з цёмным колерам скуры. Дзеці не ведаюць спачування. Яны жорсткія каты, якім падабаецца глядзець на слабых, смяяцца з іх, паказваць пальцамі.

Макс таксама спрабаваў успамінаць гісторыі са свайго дзяцінства. Яно было вельмі звычайным. Ні першага кахання, ні драк, ні ворагаў у ім не было. Таму ён больш маўчаў і падліваў Лене гарбаты.