Абое рабое

Text
0
Kritiken
Leseprobe
Als gelesen kennzeichnen
Wie Sie das Buch nach dem Kauf lesen
Schriftart:Kleiner AaGrößer Aa

Серыя заснавана ў 2014 годзе

Рэдакцыйны савет:

А. М. Зэкаў, К. В. Камейша, Л. Ф. Анцух, В. А. Губараў, А. В. Кубышкіна

© Дземідовіч Т. А., 2023

© Афармленне. ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2023

Добра пасядзелi…

Ранішнім суботнім вечарам у Косці Сямёнава зазваніў тэлефон.

– Пазнаў? – пачуў ён на тым канцы проваду басавіты голас.

– Сярожка! Вядзёркін! Як не пазнаць твой голас?! Колькі гадоў не бачыліся! – узрадаваўся Косця.

– Амаль дваццаць! – заўважыў Вядзёркін.

У доўгай размове прыпомнілі ўсё: і як працавалі ў адным кабінеце, і якія святы ладзілі, і як у камандзіроўкі ездзілі.

– А давай, Сямёнаў, у гонар нашай сустрэчы на рыбалку махнём! – прапанаваў Вядзёркін. – Уяўляеш: ранішняе паветра, жаўрукі спяваюць, конікі ў траве стракочуць…

– Не, – запярэчыў Сямёнаў – Нудоцце гэтая рыбалка. Яшчэ і камары грызуць. Ды ў мяне і рыбацкіх прылад няма. Давай лепш у рэстаран сходзім! Вып’ем, закусім, патанцуем…

– Не, – адмовіўся Вядзёркін, – што той рэстаран? Там не пагутарыш: музыка раве, шмат людзей… І дорага, між іншым… Слухай, а давай лепш я да цябе ў госці з падарункам прыйду. Прынясу дамашняе віно! Смачнае, духмянае…

– Не, віно я не люблю… Лепш піва. Да і нязручна зараз у мяне. Цешча з вёскі прыехала і кожны дзень сваіх сябровак на каву запрашае. Давай лепш я да цябе прыйду з вясковымі прысмакамі – варэнне малінавае, кампот грушавы…

– Не трэба, – захваляваўся Вядзёркін, – у мяне цукровы дыябет. І сабака дома вось-вось павінна ашчаніцца… Ведаеш, што? А давай у «Вайберы» сустрэнемся!

– Давай! – узрадаваўся Сямёнаў.

Так і зрабілі. Адзін даслаў сябру відэа, як выпіў за яго здароўе дамашняе віно, другі – сюжэт з півам. Сямёнаў яшчэ паказаў, якія на выгляд смачныя вясковыя нарыхтоўкі. Вядзёркін прадэманстраваў на фота свае дарагія рыбацкія снасці.

Карацей кажучы, добра пасядзелі… Нядорога, у цяпле, без назойлівых камароў і надакучлівай музыкі…

У пошуках сапраўднага Новага года

За тры гадзіны да бою навагодніх курантаў я пастукалася ў дзверы да сваёй сяброўкі, якую не бачыла амаль ад самага заканчэння школы.

– Алеська! Як усё змянілася за гэты час у тваёй кватэры! Памятаю, каля ўваходу ў залу стаяла велізарная шафа з кнігамі. Далей быў круглы стол з накрухмаленай сурвэткай, а над ім на сцяне вісела гітара. А тэлевізар, які ўвесь час шыпеў ды на самым цікавым месцы мог паламацца? – я спынілася на парозе і пачала азірацца.

– Дарэчы, а дзе твой тэлевізар? Які ж без яго Новы год?

– А няма ў мяне цяпер гэтай скрынкі, – паціснула плячыма сяброўка дзяцінства.

– Дзе ж ён?

– Яго з’елі! – загадкава адказала Алеська.

– Хто з’еў? – не зразумела я.

– Быццам не ведаеш гэтых нахабнікаў? – здзівілася яна. – Камп’ютар і мабільны тэлефон! Ням-ням… І няма тэліка! Яно ж як атрымліваецца: пакуль у інтэрнэце сяджу, мабільнік надрываецца. Пакуль па тэлефоне пагутару, у інтэрнэце навіны абнавіліся… Калі тут тэлевізар глядзець?

Я з разуменнем заківала. Алеська казала праўду. Прыйшоў канец эры тэлевізараў. Памаўчаўшы крыху, уздыхнула і сказала:

– А памятаеш, у дзяцінстве мы мульцік «Ну, погоди!» увесь тыдзень чакалі. І «Калыханку» з Дзедам-Барадзедам глядзелі…

– Знайшла пра што шкадаваць! Тэлевізар! – узрушана прамовіла сяброўка. – У свой час гэта быў монстр, больш страшны за тэлефон і камп’ютар! Менавіта ён калісьці з’еў нашу велізарную шафу з кнігамі! Памятаеш бразільскія серыялы, «Поле цудаў», «Смехапанараму» і перадачу «Мая сям’я»? Ужо толькі пасля іх наша шафа апусцела напалову: нешта ў макулатуру здалі, астатняе ў краму «Букініст» аднеслі. Ну а калі рэаліці-шоў пачаліся, дык кнігі наогул зніклі з кватэры за непатрэбнасцю.

– Слухай, Алеська, а ўяві, праз некалькі дзесяцігоддзяў з’явіцца якая-небудзь новая «пачвара» ды з’есць камп’ютар і мабільны тэлефон, – я вырашыла пафантазіраваць.

Дзяўчына з любоўю прыціснула да сэрца свой новенькі смартфон і пакруціла галавой. І тут нашу размову перапыніў нейкі булькаючы гук.

– Хто там? – спалохана пракрычала Алеська.

– Ну ты даеш, сяброўка! Гэта ж скайп! – засмяялася я.

– Сапраўды! Зусім мяне загаварыла, – схамянулася тая і паклала ноўтбук сабе на калені: «Прывітанне, мае дарагія! І вас са святамі! І вам шчасця і здароўя! А Новы год што, ужо наступіў? Калі? Пяць хвілін таму? Ну, вось дзякуй, што патэлефанавалі і паведамілі».

Алеська скончыла размову і штурхнула мяне локцем:

– Давай хутчэй віншавальныя СМС-кі сябрам адпраўляць.

– А ў мяне да цябе іншая прапанова! – я вырашыла ўзяць ініцыятыву ў свае рукі. – Давай захопім бенгальскія агні і адправімся на вуліцу шукаць Дзеда Мароза! А потым пойдзем да мяне глядзець «Голубой огонек», есці аліўе і піць шампанскае. Такія традыцыі не варта парушаць з-за нейкіх там СМС-ак!

Алеська засмяялася. І мы, як у дзяцінстве, кінуліся навыперадкі апранацца і шукаць сапраўдны Новы год.

Рэцэпцiк

– Як справы, Наста? Як настрой перад святам? – пацікавілася па тэлефоне ў сяброўкі Вера.

– Ды ніяк… Вось сяджу зараз на кухні, гляджу на чысцюткія каструлі ды галаву ламаю: што прыгатаваць на свята? – паскардзілася Наста. – Салата аліўе надакучыла, рысам з крабавымі палачкамі гасцей таксама не здзівіш…

– А я ўчора глядзела перадачу «Нам так не есці» з Аленай Чабурэкавай і запісала вельмі добры рэцэпцік! – Хочаш, і табе прадыктую?

– Ну, малайчына, Верка! – узрадавалася Наста і пабегла шукаць паперку і аловак…

– Запісвай! – падала каманду Вера. – Бяром 250 грамаў сушанага папартніку і кіпяцім яго ў каньяку…

– Пачакай, – спыніла сяброўку Наста. – Дзе гэта зімой узяць папаратнік? І ён жа, напэўна, горкі і нясмачны. Ды і каньяк шкада. Я збіралася пляшачку на стол паставіць…

– Такой бяды! – адказала Вера. – Папаратнік можна кропам замяніць, а каньяк так выпіць. У прыкуску да салаты. Запісвай далей… Дабаўляем у гэтую масу (у нас пакуль – проста кроп) авакада і манга.

– Авакада дараго-о-о-е, – пацягнула Наста. – А манга я наогул ніколі не бачыла.

– Ну і што? – здзівілася Вера. – Я таксама авакада не буду ў гэтую салату крышыць. І сапраўды дорага. Мяняем яго на бульбу. А манга на смак як звычайная леташняя морква. Я каштавала – ведаю…

– Запісваю: бульба і морква, – кажа Наста, водзячы алоўкам па паперцы.

– Далей. Варым адно страусавае яйка. Але я буду браць звычайныя курыныя, – уносіць карэктывы па ходзе чытання Вера. – Потым дабаўляем каперсы…

– А што гэта такое?

– А хто яго ведае! Па-мойму, нешта сярэдняе паміж салёным агурком і зялёным гарошкам…

– Зразумела, – адказвае Наста. – Агуркі і гарошак.

– Адварваем мяса каракаціцы…

– Цьфу! Брыдота якая! – абураецца Наста. – А можна замест яго варанай каўбаскі дабавіць?

– Можна! – пагаджаецца Вера і радасна дадае: – А цяпер – фінальны акорд! Запраўляем салату кунжутавым алеем і прыправай «Тыбі-дыбі». Але паколькі знайсці іх няпроста, бяром звычайны маянэз!

– Дык што ж гэта атрымліваецца? – здзівілася Наста. – Зноў салата аліўе?!

Вера задумалася і здзіўлена вымавіла:

– Сапраўды, аліўе!

Сяброўкі прыціхлі, задумаліся над такой гастранамічнай задачкай…

– А ведаеш, Вера! – адгукнулася Наста. – Можа, і някепска будзе… Адзін стары рэцэпт лепш за новыя два!

– І праўда! – пагадзілася Вера. – Аліўе, дык аліўе! Не будзем парушаць святочных традыцый…

Эх, свабода!

Алена Пятроўна працавала ў школе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. І трэба ж! У самым разгары педагагічнай дзейнасці адправілі Алену Пятроўну на пенсію. Дырэктар папрасіў заслужаную настаўніцу саступіць месца маладому спецыялісту. Рабіць няма чаго – давялося ёй пакінуць школу…

Пасядзела настаўніца з тыдзень без працы, пасумавала і вырашыла хаця б у сценах роднага дома папрацаваць на ўсеагульную карысць.

Былая настаўніца адразу правяла гутарку з мясцовымі падлеткамі аб шкодзе курэння, злоўжывальнікам алкаголю раздала агітоўкі за здаровы лад жыцця, арганізавала суботнік, каб навесці парадак у падвалах і на лесвічных пляцоўках, прыцягнула суседзяў да азелянення пад’ездаў і разбіўкі клумб.

Пляваліся, вядома ж, жыхары ад такой яе ініцыятывы, але аслухацца ні ў чым не асмеліліся. Бо для ўсіх яна ў памяці была строгай, патрабавальнай настаўніцай.

– Калісьці яна майго Сярожаньку закатавала сваёй матэматыкай, – абуралася суседка Галіна, – а цяпер яшчэ за мужа ўзялася – буклет вось прынесла… Але, з іншага боку, можа, яно і да лепшага… Лайдак мяне не слухае, дык хоць суседка розуму навучыць.

– Вядома, да лепшага! – згаджалася суседка з другога паверха. – Вось і ў падвале прыбралі, і каля дома зараз чысціня… І за маім чатырнаццацігадовым неслухам яна сочыць… Толькі ён за цыгарэту возьмецца – а яна тут як тут. Раз – і за вуха яго! Мяне сынуля не баіцца, а яе як убачыць – адразу па стойцы смірна.

За кароткі час Алена Пятроўна навяла ў панэльнай пяціпавярхоўцы ўзорны парадак. А энергіі ў яе па-ранейшаму – хоць адбаўляй!

– Будзем пляцоўку дзіцячую і рамонт у двары рабіць! – вырашыла пенсіянерка.

Прайшлася яна па кватэрах і сабрала з усіх подпісы ў падтрымку дваровага рамонту. Потым адправіла патрэбныя паперы і ў мясцовую ЖКГ, і ў гарвыканкам, аблвыканкам… Хадзіла Алена Пятроўна па кабінетах, вяла доўгую перапіску з чыноўнікамі! І ўсё-такі дамаглася свайго!

Напачатку лета разгарнулася ў двары грандыёзная будоўля. Паставілі рабочыя і новыя лавачкі, і дзіцячы гарадок зрабілі, і сучасныя ліхтары запалілі, і на дарожках плітку замянілі, і дрэвы пасадзілі. Словам, стаў двор узорна-паказальным. Нават тэлебачанне прыязджала сюды перадачу здымаць!

 

Не нарадуюцца жыхары дома, і пры сустрэчы энтузіастцы словы ўдзячнасці гавораць, здароўя ёй жадаюць…

Ды раптам Алену Пятроўну зноў на працу паклікалі. Праўда, у іншую школу – звычайную і за горадам, дзе настаўнікаў не хапае. Прыйшлося жанчыне пераехаць жыць на сваю дачу, каб бліжэй да пасялковай школы дабірацца…

– Паехала Пятроўна? – у той жа дзень шэптам спытаў у суседкі Грыша Канаплянік.

– Угу, – буркнула ў адказ Надзька Шастапёрава. – Сабрала манаткі і сёння раніцай адчаліла! Хоць уздыхнем спакойна…

Узняла Надзька з падлогі свае цяжкія тазы і пайшла на вуліцу бялізну развешваць.

Грышка Канаплянік гучна пацягнуўся, смачна плюнуў на бліскучую плітку лесвічнай пляцоўкі і пайшоў следам за суседкай. На ганку ён яшчэ раз плюнуў, попел на лавачку строс:

– Слава Богу, паехала! Эх, свабода!

– Свабода! – пацвердзіла Надзька Шастапёрова. – Не паспела Пятроўна з’ехаць, а ўжо хтосьці вяроўку бялізнавую зняў.

– Свабода! – паўтаралі адзін за другім жыхары старой пяціпавярхоўкі, і дзень за днём мяняўся двор. У ліхтарах выкручвалі лямпачкі, ламалі дзіцячыя арэлі, спраўлялі патрэбу каты ў закінутай пясочніцы, выкарчоўвалі кусты руж і агрэсту.

– Свабода! – цынічна ўсміхаўся раздзяўбанымі дзвярыма і пагнутымі парэнчамі былы ўзорна-паказальны пад’езд.

Зоркi ў вушах

Дарослыя цётачкі дакладна ведаюць, што такое прыгажосць, і так не хочацца іх расчароўваць. У дзесяць гадоў мне падарылі на дзень нараджэння залатыя завушніцы. Вядома ж, я хацела ровар, альбо кацяня, альбо рубель на марожанае, кіно і каруселі. Але ў дарослых за святочным сталом пры поглядзе на аксамітную скрыначку з дзвюма маленькімі зорачкамі былі такія захопленыя вочы!

І я змірылася з важнасцю падарунка. Калі пілі за маё здароўе, мама, між іншым, паведаміла, што заўтра мы пойдзем у касметычны салон праколваць вушы! Настрой прапаў. У цацкі не гулялася, з сябрамі не бегалася. Але я была вельмі паслухмяным дзіцём і на наступны дзень паныла паплялася ў храм прыгажосці.

Жанчына ў белым халаце і марлевай масцы нагадала ўсе выпадкі пабітых каленак, пякучых прышчэпак, балючага лячэння малочных зубоў. Я схапілася за вушы і падалася назад. Мама паглядзела сурова, і я зразумела, што не пашкадуе. Касметычная фея незадаволена хмыкнула і строга вымавіла:

– Калі хочаш быць прыгожай і падабацца хлопчыкам, трэба крыху пацярпець!

Я паспрабавала ўспомніць, ці ёсць у нашай школьнай прыгажуні Волечкі зорачкі ў вушах, але перад вачыма стаялі толькі яе падрапаныя рукі і атласная стужачка ў тонкай кароткай косцы. Потым мяне ўціснулі ў крэсла, і скрозь боль я адчула, як знаёмыя галасы аддаляюцца рэхам. У вачах пабялела, ногі і рукі не слухаліся, здаваліся бязважкімі. Так я страціла прытомнасць… І на зло ўсім хацела яшчэ доўга ляжаць няшчаснай, але медсястра паднесла да носа нашатыр.

– Малайчына! Герой! – усміхнулася «Касметычка». – Затое цяпер будзеш моднічаць!

І з той хвіліны я так намоднічалася! Калі сядзела на ўроках, дык у цяжкіх роздумах намацвала вострыя вуглы зорачак, нервова скубла завушніцы, адцягвала мочкі вушэй… Але больш за ўсё баялася іх згубіць! Бывала, зайграюся на вуліцы, а потым раз – і ўспомню пра залаты хамут. Сэрца ёкне, па спіне халадок прабяжыць, у горле затрымаецца камяк. Схаплюся дзвюма рукамі за вушы – цьфу ты! Зоркі на месцы!

Але аднойчы завушніца выслізнула, бразнула аб пыльны, гарачы асфальт і знікла. Увесь двор, уключаючы дваровую сабаку Альму, шукаў маю завушніцу, а я, абхапіўшы калені рукамі, сядзела на лаўцы і ціха ўсхліпвала. І было моташна і страшна. Не зберагла…

Зорку знайшла наша дворнічыха. Яна бліснула радком залатых зубоў і злосна вымавіла:

– Трымай, неахайніца! Мамкі вам накупляюць дарагіх цацак, а вы вось з імі як – няўдзячныя!

– Дзякуй! – разгублена прашаптала я і падумала, што залатыя зубы – гэта, мабыць, яшчэ больш прыгожа і надзейна. Не тое што завушніцы. Але, напэўна, вельмі балюча. Можна тысячу разоў прытомнасць страціць.

У пятнаццаць гадоў спяшалася на першае спатканне. Апранала сукенку, зачапілася зоркай за маланку – вуха закрывавіла, запякло. Раззлавалася. Зняла завушніцы і паклала ў скрыначку.

Як аказалася, назаўсёды! Мы сядзелі на даху старога гаража, елі марожанае, балбаталі ні пра што…

– Твае валасы пахнуць летам! – сказаў ён і ўсміхнуўся роўнымі белымі зубамі. Вось табе і першы ў жыцці камплімент. Шчокі запалымнелі, я збянтэжана адвярнулася, накруціла кудзерку на палец.

«Валасы пахнуць летам», – у думках паўтарала я, калі ўзлятала па лесвіцы ўверх, каб дома хутчэй паставіць у вазачку першыя ў маім жыцці кветкі. Шчасце аказалася зусім не залатым, бязважкім, непатрабавальным…

Sie haben die kostenlose Leseprobe beendet. Möchten Sie mehr lesen?