Добрую прыгодніцкую літаратуру я люблю не менш, чым сур'ёзныя творы пра складаныя матэрыі. І вось нарэшце, такі падарунак - сучасны беларускі авантурны раман, дынамічны, іранічны, з бойкамі, пагонямі, таямніцамі ў сутарэннях, чароўнымі дамамі і мужнымі мужчынамі. І ўсё гэта - у атачэнні родных рэалій і на беларускай мове. Цудоўна!
Час для разгортвання падзей выбраны, здаецца, ідэальна. Сярэдзіна XVIII стагоддзя - росквіт шляхецтва, заняпад дзяржавы. Магутныя магнаты інтрыгуюць, соймы зрываюцца, зухаватыя шляхціцы наўпрост з-за стала адпраўляюцца на двубой, толькі паспрабуй крануць іх шляхецкі гонар. У шкаляра-недарэкі Пранціша Вырвіча, гербу Гіпацэнтаўр, хоць ён і з "шэрачкоў", гонару хопіць на тузіну вояў. Розуму - крыху менш, але час гэта выправіць. Увогуле хлопец ён не благі, асабліва з папраўкай на час. На апошні шэлег гаротны шкаляр купляе слугу і з гэтага моманту нудзіцца часу ўжо не будзе, бо Баўтрамей Лёднік - двойчы доктар, былы алхімік і чарнакніжнік, змяшчае ў сябе яшчэ многія таемныя таленты і ўвогуле мужчына што трэба. Вопыт і розум сталасці і самаўпэўненнасць маладосці - цудоўны тандэм для далейшых прыгод.
Залішне фантастычнай падалася другая палова кнігі, але гэта ўжо справа густу - я аддаю перавагу рэальнаму над містыкай. Агульнае ж уражанне вельмі добрае. Смела раю аматарам прыгодніцкай літаратуры і спадзяюся, што працяг трылогіі будзе ня горшы.
Bewertungen
4