Nur auf LitRes lesen

Das Buch kann nicht als Datei heruntergeladen werden, kann aber in unserer App oder online auf der Website gelesen werden.

Buch lesen: «Хрэст на свабоду», Seite 2

Schriftart:

Небывалыя часы

 
I песьні заціхлі, і сьмеху ня відна,
I дзеці старэнькімі сталі.
I ноты вясёлы музыкам браць стыдна,
Радасны струны парвалі.
I фарбы артыстаў смутна рысуюць,
I цені ясны зьміраюць.
I вершы паэты з жалем рыфмуюць,
I сэрцы кроўю сплываюць.
 

Студзень, 1905

Мора

 
Не такое цяпер мора,
Не такі у хвалях шум:
Цяпер бурна, страшна мора!
Хваля поўна дзікіх дум.
 
 
Мора вуглем цяпер стала,
Мора з дна цяпер гарыць,
Мора скалы пазрывала,
Мора хоча горы змыць.
 
 
Мора злуе, крэпнуць хвілі,
Зь дзікім шумам бераг рвуць;
Гром грыміць за вёрсты-мілі,
З мора брызгі ў неба б’юць.
 
 
Мейсцам хваля стогнам рыкне,
Мейсцам плач сарвецца з губ,
Мейсцам бераг болем ікне,
Гром грыміць у тысяч труб.
 
 
Мора зброіцца палкамі,
Шум русалак разбудзіў,
Запаліўся смок агнямі,
Неба чорны гнеў пакрыў.
 
 
Бог сярчае: злая бура
Псуе вельмі сьвяты сон.
Б’ецца, рвецца ўся натура,
Аж дрыжыць нябесны трон.
 
 
Трон дрыжыць, ня сьпяць прарокі,
Бог склікае сьвяты сход;
А там радзяць, што аблокі
Мусяць штурм пусьціць у ход.
 
 
Бой пачаўся. Войска Бога
Залпам паліць ў горды хвіль…
Мільён згіне, – нова змога
Расьце крэпка праз сто міль.
 
 
Растуць сілы мора злога,
У размаху відзен гарт.
Не адступяць войскі Бога…
Бой пачаўся не на жарт.
 
 
Такі бой вякамі жджэцца,
Такі бой гігантаў дасьць,
Ў такім баю толькі грэцца,
Ў такім баю толькі пасьць.
 

Кастрычнік, 1905